Материалы прислал Vas'kou Uladzimir.

 

3.3. РУДНЯ-СТАЎБУНСКАЯ

 

Рудня-Стаўбунская — вёска ў Стаўбунскім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У пачатку ХХІ ст. Рудня-Стаўбунская налічвае 20 гаспадарак, 39 жыхароў, пераважна сталага веку. У 1881 г. вёска налічвала 73 двары, 380 жыхароў, у 1897 г. — 119 двароў, 714 жыхароў, 95 % з якіх былі католікамі.

Капліца ў вёсцы Рудня-Стаўбунская існавала з 1874 г. і спачатку знаходзілася ў падпарадкаванні Гомельскага касцёла. Яна, як і большасць падобных капліц, стаяла на могілках.

У маі 1899 г. сяляне вёскі звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбай дазволіць ім зрабіць за ўласныя сродкі рамонт капліцы. Планавалася пашырыць капліцу і зладзіць новы дах. Рамонт ацэньваўся ў 216 руб. У гэты час католікаў у Рудні-Стаўбунскай налічвалася 716 чалавек, і яшчэ 23 католікі пражывалі ў суседніх вёсках. Набажэнствы ў капліцы адбываліся каля 20 разоў на год.

У студзені 1904 г. загадчык капліцы Іван Якаўлевіч Гулевіч прасіў магілёўскага губернатара дазволіць зрабіць за ўласны кошт з паўночна-заходняга боку капліцы чацвёртае акно, таму што пры набажэнстве не хапала святла. Такі дазвол яму быў дадзены.

26 лютага 1916 г. дэкан Ячэйка звярнуўся да біскупа Цепляка з просьбай выдаць новы індульт для капліцы ў Рудні-Стаўбунскай. 2 сакавіка біскуп выдаў індульт тэрмінам на 7 гадоў.[1]

Капліца ў Рудні-Стаўбунскай праіснавала да 1930 г. Гэтая капліца і Гомельскі касцёл былі апошнімі каталіцкімі культавымі будынкамі на тэрыторыі Гомельскай парафіі.

Пры абследаванні Рудня-Стаўбунскага сельсавета ў 1935 г. Іван Андрэевіч Гулевіч, якому тады быў 91 год распавёў: «Гадоў 300 таму[2] з вёскі Старая Рудня, якая знаходзілася паміж Свяцілавічамі і Стаўбуном[3], па дазволу графа Чарнышова на яго землі ў лясны масіў пераехала некалькі сем'яў. Іх прозвішча было Гулевічы. Яны раскарчавалі месца і заснавалі вёску Рудня-Стаўбунская». Прыкладна 100 гадоў у лясной вёсцы Гулевічы плавілі балотную руду (ліманіт), вырабялі так патрэбнае мясцовым жыхарам жалеза.[4] З развіццём у Расійскай імперыі металапрамысловасці ў канцы ХІХ ст. саматужная вытворчасць жалеза спынілася. Патухла рудня і ў гэтай вёсцы, як і па ўсіх руднях Беларусі, але назва селішча так і засталася — Рудня-Стаўбунская.

Гулевічы — вядомы ва ўсходняй Гомельшчыне каталіцкі род.[5] Магчыма, што гомельскія Гулевічы паходзяць ад валынскіх Гулевічаў, якія славіліся пабожнасцю, а ў ХVII ст. заняліся здабываннем жалезнай руды.

Калектывізацыя ў вёсцы Рудня-Стаўбунская праходзіла марудна. Арганізатарам і першым старшынёй калгаса ў Рудні-Стаўбунскай быў Іосіў (Юзаф) Гулевіч. У 1930-м г. ён аддаў загад знішчыць капліцу.[6] Жыхарам удалося выратаваць некаторыя рэчы з капліцы. Адзін з абразоў схаваў у сябе на гарышчы бацька старшыні калгаса, які быў вельмі пабожным чалавекам.[7] Старшыню ж калагаса — Іосіфа Гулевіча, як перадавога камуніста, накіравалі падымаць калгасы на Украіну. Там ён і загінуў.

У 1933 г. з’явіліся першыя рэпрэсіраваныя і раскулачаныя. Усяго было арыштавана каля 30-40 чалавек. З іх у вёску пасля зняволення вярнуліся толькі 3. Астатніх амаль усіх расстралялі.

У ліку расстраляных і Варвара Іосіфаўна Гулевіч — жонка старшыні калгаса Іосіфа Гулевіча. Вось што расказвала яе дачка — Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР: «Аўтамабіль, празваны ў народзе «чорны воран», тады ўжо добра прымільгаўся жыхарам вёскі. Рэдкі ў тыя гады ў нашых глухіх мясцінах, рокат матору спачатку выклікаў жывы інтарэс. Аднак хутка людзі сталі смяротна страшыцца з’яўлення гэтага «цуда савецкай тэхнікі», на якім вывозілі з вёскі людзей і яны знікалі назаўсёды. Пачуўшы шум рухавіка, хаваліся па хатах, зачынялі засоўкі, апускалі заслоны, хрысціліся нават няверучыя: «Божа пранясі!». Але страх не знікаў. Чужая бяда, хаця і аддаленая, усё роўна шчаміла сэрца.

У той дзень мама, брат і я былі ў бабулі. Ад бацькі з Данбасу, куды яго накіравалі на працу, даволі доўгі час не было звестак. Што ж здарылася? Мама хвалявалася. Уся яна панікла, змарнела, замкнулася ў сабе. Куды падзявалася яе добрая, шчырая ўсмешка? Нават голас, заўсёды звонкі і пявучы, стаў глухім і ціхім. На вачах часта з’яўляліся слёзы, на твары — страх. Мабыць, сэрцам прадчувала няўхільную бяду…

У дзень, калі ўзялі маму, сказалі: «Для паказанняў, як сведку на допыт», а звезлі назаўсёды.

Маме было ўсяго 37 гадоў. У калгасе «Новае жыццё» яна працавала даяркай, была актывісткай сельскага савета. Судзілі маму паводле надуманага і бязглуздага абвінавачвання. Расстралялі ў Гомелі 1 красавіка 1938 г.

З дому маму павялі два ўзброеныя салдаты. Толькі і паспела крыкнуць з парога: «Дзеці мае, дзеткі, родненькія… Гэта ўсё!».

Настаўніца, якая пазней вярнулася з няволі, расказала, як зневажалі і здзекваліся з мамы следчыя, яны прымушалі яе падпісаць імі ж сфабрыкаваныя паказанні. Надломленая маральнымі і фізічнымі катаваннямі, яна паверыла, што разам з «прызнаннямі» яе пакінуць у спакоі. Хуткі суд быў няўмольным. Прыгавор — расстрэл».[8]

Таксама расстралялі бацьку і брата Варвары Гулевіч — Іосіфа Раманавіча Скарападскага і Мікалая Іосіфавіча Скарападскага. Быў расстраляны і яе свёкар.

Ёсць і яшчэ сведчанні сучаснікаў аб рэпрэсіях у Рудні-Стаўбунскай. Так, на допыце 4 чэрвеня 1939 г. пэўны Хайкiн, які выступаў у якасцi сведкi незаконных дзеянняў НКУС, паказаў: «будучи под стражей во 2-й камере, в которой находилась группа арестованных колхозников из деревни Рудня-Столбунская, Светиловичского района, по фамилии Гулякевичи (так у тэксце, — У.В.) и Громыко, в количестве 7 человек, а в соседних камерах сидело еще из их деревни, причемони рассказывали, что из их колхоза привели около 40 чел. Всех их допрашивал следователь Кошкин, они говорили, что он их избивал, в результате чего получил от них ложные показания о якобы их принадлежности к к.р. организации […] «ПЛОВ», «ПОВ» («Польская Вайсковая Арганізацыя»У.В.) и другие слова, не зная содержания, что это обозначает, и эти колхозники между собой ругались почему они клеветали друг на друга».[9]

Пасля таго, як капліцу зачынілі, будынак разабралі і перанеслі ў іншае месца, прыкладна на некалькі сотняў метраў, перарабіўшы на польскую школу.[10]

Школа праіснавала да сярэдзіны 1930-х гг., а потым была зачынена.  Цяпер на гэтым месцы пустыр.

 

89.Тут была польская школа.

 

 

Як распавядала ў 2006 г. старэйшая жыхарка Рудні-Стаўбунскай Францыска Гулевіч, якая вучылася ў гэтай школе, пасля закрыцця школы вучняў перавялі ў суседнюю беларускамоўную Стаўбунскую школу. На першым жа дыктанце практычна ўсе вучні былой польскай школы атрымалі нізкія адзнакі.

Ад былой капліцы сёння засталіся толькі валуны з падмурка, вакол якіх знаходзяцца пахаванні, бо могілкі значна разрасліся.

 

90.Валуны ад капліцы

 

 

У вёсцы ў пустуючай хаце ўладкаваная капліца, начынне якой — гэта часткова рэчы з даваеннай капліцы, якія жыхары хавалі некалькі дзесяцігоддзяў ад савецкіх уладаў.

 

91.Хата, у якой уладкаваная капліца.

 

 

Гэта было даволі небяспечна, бо за знойдзены каталіцкі польскамоўны малітоўнік можна было атрымаць турэмны тэрмін.

На святы да вяскоўцаў прыязджаюць святары з Гомеля, якія адпраўляюць набажэнствы.

 

92.Інтэр’ер капліцы.

 

 

93.Начынне капліцы (частка рэчаў паходзіць з разбуранай у 1930-я гг. старой капліцы).

 

 

94.Напрыклад, гэтыя падсвечнікі.

 

 

95.І Евангелле.

 

 

 

СТАНІСЛАВА ГУЛЕВІЧ

 

Гулевіч Станіслава Іосіфаўна — заслужаная артыстка БССР, камерная спявачка.

Станіслава Іосіфаўна нарадзілася ў 1925 г. у вёсцы Рудня-Стаўбунская. Скончыла Мінскую кансерваторыю. У 1956—1965 гг. саліравала ў Дзяржаўным тэатры оперы і балету Беларусі. З 1965 г. голас Станіславы Іосіфаўны можна было пачуць са сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі.[11]

 

 

ПАВЕЛ ГУЛЕВІЧ

 

Гулевіч Павел Іванавіч — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Нарадзіўся 11 жніўня (29 ліпеня паводле старога стылю) 1910 г. у вёсцы Рудня-Стаўбунская. Памёр 27 красавіка 1978 г.

З 1932 г. у Чырвонай Арміі. Прынімаў удзел у вайне з Фінляндыяй 1939-1940 гг. З чэрвеня 1942 г. начальнік штаба, з кастрычніка — камандзір партызанскага атрада. З лістапада 1942 г. па ліпень 1944 г. — камандзір партызанскай брыгады імя Сталіна Баранавіцкай вобласці. У 1944—1966 гг. на савецкай і гаспадарчай рабоце.[12]

 

 

 

РЭПРЭСІРАВАНЫЯ

Вёска Рудня-Стаўбунская

 

Гулевіч Адам Васільевіч

Нарадзіўся ў 1907 г. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Адам Казіміравіч

Нарадзіўся ў 1892 г. Жыў у пас. Качуг Іркуцкай вобласці, працаваў кацельшчыкам суднаверфі «Дальбуда» ў пас. Качуг. Беспартыйны, паляк. Арыштаваны 14 мая 1938 г., пастановай «тройкі» УНКУС Іркуцкай вобласці ад 29 кастрычніка 1938 г. па арт. 58-1а КК РСФСР асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.

 

Гулевіч Аляксандр Канстанцінавіч

Нарадзіўся ў 1891 г. Калгаснік. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Аляксандр Канстанцінавіч

Нарадзіўся ў 1888 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 12 лістапада 1933 г. Асуджаны 13 снежня 1933 г. да 5 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Антон Васільевіч

Нарадзіўся ў 1867 г. Рабочы. Меў 7 дзяцей. Арыштаваны 26 верасня 1933 г. Асуджаны 13 снежня 1933 г. на 8 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Варвара Іосіфаўна

Нарадзілася ў 1901 г. Даярка. Мела 2 дзяцей. Арыштавана 10 снежня 1937 г. Асуджана  да вышэйшай меры пакарання. Расстраляная 1 красавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Вікенцій Рыгоравіч

Нарадзіўся ў 1880 г. Калгаснік. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны на 10 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Іван Антонавіч

Нарадзіўся ў 1896 г. Ляснік. Меў 8 дзяцей, бацьку 60 гадоў. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Растраляны 14 сакавіка 1938 г.

 

Гулевіч Іван Іванавіч

Нарадзіўся ў 1897 г. Калгаснік. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Іван Іосіфавіч

Нарадзіўся ў 1900 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 20 ліпеня 1938 г. Асуджаны 27 верасня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 7 кастрычніка 1938 г.

 

Гулевіч Іван Паўлавіч

Нарадзіўся ў 1894 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 18 снежня 1938 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Іван Паўлавіч

Нарадзіўся ў 1871 г. Калгаснік. Меў 9 дзяцей. Арыштаваны 13 верасня 1933 г. Асуджаны да 5 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Іван Станіслававіч

Нарадзіўся ў 1884 г. Калгаснік. Арыштаваны 20 ліпеня 1938 г. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 28 лістапада 1938 г.

 

Гулевіч Іван Францавіч

Нарадзіўся ў 1894 г. Калгаснік. Арыштаваны 19 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Іосіф Якаўлевіч

Нарадзіўся ў 1890 г. Заможны селянін. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны 27 верасня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 7 кастрычніка 1938 г.

 

Гулевіч Міхаіл Іванавіч

Нарадзіўся ў 1898 г. Аднаасобнік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны на 10 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Павел Аляксандравіч

Нарадзіўся ў 1898 г. Калгаснік. Арыштаваны 20 жніўня 1938 г. Асуджаны 27 верасня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 7 кастрычніка 1938 г.

 

Гулевіч Пётр Іванавіч

Нарадзіўся ў 1903 г. Аднаасобнік. Арыштаваны 27 жніўня 1938 г. Асуджаны на 10 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Стэфан Цімафеевіч

Нарадзіўся ў 1895 г. Калгаснік. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г.

 

Гулевіч Франц Мікалаевіч

Нарадзіўся ў 1897 г. Аднаасобнік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны на 10 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Гулевіч Франц Ягоравіч

Нарадзіўся ў 1895 г. Калгаснік. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны 20 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Гулевіч Франц Якаўлевіч

Нарадзіўся ў 1893 г. Калгаснік. Меў 4 дзяцей. Арыштаваны 6 жніўня 1937 г. Асуджаны 1 верасня 1937 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

 

Ляскоўскі Аляксандр Восіпавіч

Нарадзіўся ў 1898 г. Калгаснік. Арыштаваны 6 снежня 1937 г. Асуджаны 5 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г.

 

Скарапацкі Іосіф Раманавіч

Нарадзіўся ў 1867 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 15 верасня 1933 г. Асуджаны 13 снежня 1933 на 8 гадоў зняволення ў ППЛ.

 

Скарапацкі Мікалай Іосіфавіч

Нарадзіўся ў 1901 г. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

 

Смыкоўскі Васіль Адамавіч

Нарадзіўся ў 1900 г. Служачы. Меў 4 дзяцей. Арыштаваны 18 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.

 

Яскевіч Агнеса Аляксандраўна

Нарадзілася ў 1906 г. Настаўніца. Арыштавана 22 снежня 1937 г. Асуджана  на 10 гадоў зняволення ў ППЛ. Паўторна асуджана  21 студзеня 1949 г. да высылкі.

 

Материалы прислал Vas'kou Uladzimir.



[1] Там жа. Ф. 826. Воп. 1. Спр. 944. Арк. 81.

[2] На самой справе, у 2 разы менш — прыкладна 150 гадоў.

[3] Па левы бок ад шашы Ветка—Свяцілавічы.

[4] Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. Мн., 1997. Кн. 1. С. 158.

[5] Мялецій Сматрыцкі, аўтар «Трэнасу» (1610 г.) змясціў у сваім творы даўжэзны спіс праваслаўных родаў, якія перайшлі ў каталіцтва. Сярод гэтых родаў і шляхецкі род Гулевічаў.

[6] Галіна Калевіч. Душа патрабуе…// Ave Maria. 2007. №11(151).

 (http://media.catholic.by/ave/n151/art19.htm).

[7] Пазней абраз знайшла на гарышчы свайго роднага дому  унучкаСтаніслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР, якая вырашыла ў памяць аб продках забраць абраз да сябе. Было гэта падчас гастроляў Станіславы Гулевіч па Гомельшчыне. Ужо доўгі час у яе кватэры, насупраць ложка, вісіць гэты абраз, на якім з аднаго боку намаляваны Арханёл Міхал, а з другогаМаці Божая з маленькім Езусам на руках.

[8] Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. Мн., 1997. Кн. 1. С. 158—159.

[9] Iрына Раманава. Указ. сач.; НАРБ (Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь). Ф. 4. Воп.21. Спр.1690. Арк. 221.

[10] Нягледзячы на тое, што школа была савецкая, настаўнікі па кантычках вучылі дзяцей рэлігійным песням. Таксама вучні завучвалі малітвы з малітоўнікаў.

[11] С.Рубцов, Ю.Дыленок. История Минска // Минский курьер. 2005. №628.

 (http://mk.by/archiv/25.05.2005/rub4.php).

[12] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. С. 173.