Людзі ёй давяраюць.

 

 

 

Прозвішча Ірыны Уладзіміраўны Гулевіч у Капыльскім раёне – адно з вядомых. Яна ўзначальвае, бадай, найважнейшую галіну сацыяльнай сферы – ахову здароўя.

 

Клапаціцца пра самае дарагое для чалавека – здароўе – яна паставіла мэтай свайго жыцця яшчэ ў школьныя гады: адразу пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі ў 1977 годзе стала супрацоўніцай аптэкі г. Мазыра, а ў верасні 1979 – студэнткай лячэбнага факультэта сталічнага медыцынскага інстытута. Пасля атрымання дыплома ўрача-лячэбніка прайшла інтэрнатуру па тэрапіі ў Барысаўскай гарадской бальніцы, некаторы час працавала тэрапеўтам на Барысаўшчыне.

 

У 1987 годзе справы сямейныя прывялі Ірыну Уладзіміраўну з мужам і маленькай дачкой на Капыльшчыну, якая стала яе другой малой радзімай. Тут нарадзіўся яе сын. Старэйшая дачка Маргарыта Алегаўна пайшла па шляху бацькоў і працуе ўрачом, сын Павел вучыцца ў школе.

 

Медыцынскую дзейнасць у нашым раёне Ірына Уладзіміраўна пачала з адной з найцяжэйшых пасад – участковага ўрача-тэрапеўта. На гарадскім участку працавала да лістапада 1991 года. Розум, старанне, арганізатарскія схільнасці прывялі да прызначэння здольнага медыка вышэйшай кваліфікацыі на пасаду намесніка галоўнага ўрача раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання па стацыянарнай дапамозе.

 

Гэта не стала палёгкай:  штодзённа даводзілася вырашаць шмат складаных праблем, звязаных з дзейнасцю стацыянараў, забеспячэннем іх бесперабойнай работы, а таксама працай над асабістым прафесійным самаўдасканаленнем. Акрамя тэарэтычных і практычных навыкаў па лячэбных пытаннях, рэгулярна праходзіла павышэнне кваліфікацыі па пытаннях кіравання эканомікай аховы здароўя ў рыначных умовах, аховы працы, рэструктурызацыі ложкавага фонду і шмат якіх іншых.

 

Са студзеня 1997 года І. У. Гулевіч «узваліла» на сябе цяжар кіраўніцтва ўсёй установай аховы здароўя Капыльшчыны. Сёння гэта дасведчаны ва ўсіх сферах бальнічнай гаспадаркі чалавек, урач-арганізатар аховы здароўя першай кваліфікацыйнай катэгорыі.

 

Спецыфіка спецыяльнай медыцынскай тэрміналогіі не вельмі прыдатная для прымянення ў матэрыялах масавага друку. Таму на даступнай мове скажу, што за час працы Гулевіч галоўным урачом укаранёны цэлы шэраг новых метадаў лабараторных даследаванняў, адкрыта аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі ЦРБ, аддзяленне прафілактыкі паліклінікі ЦРБ, аддзяленне паліятыўнага лячэння Быстрыцкай участковай бальніцы, лячэбна-прафілактычныя ўстановы аснашчаюцца новым сучасным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем. Своечасова праводзяцца капітальныя рамонты будынкаў і памяшканняў, апрануўся ў цеплазберагаючую тэрмашубу «стары» корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Зроблена і робіцца нямала. А колькі клопатаў было ў Ірыны Уладзіміраўны па будаўніцтве новага лячэбнага корпуса, аснашчэнні яго абсталяваннем!

 

Клопаты, клопаты, клопаты… У чарадзе іх бясконцасці яшчэ і клопат пра выбаршчыкаў: тры скліканні запар Ірына Уладзіміраўна з’яўлялася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, а сёлета людзі абралі яе дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Капыльскай выбарчай акрузе №48. Людзі, якія ёй давяраюць.

 

Казімір КУХАРЧЫК,

 

член грамадскай арганізацыі “Беларускі Саюз журналістаў”.

 

Фота Марыі ШЭІНАЙ.

 

http://www.kopyl.by/?p=1588

 

 

Дэпутаты ў акрузе.

 

 

 

Падчас чарговага Дня дэпутата дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Капыльскай выбарчай акрузе №48 Ірына Гулевіч разам са старшынёй Пацейкаўскага сельвыканкама Генадзем Лопухам сустрэлася з жыхарамі в. Душава. Народныя выбраннікі абмеркавалі надзённыя тэмы, выслухалі пытанні, наведалі мнагадзетныя сем’і.

 

Увогуле, як паведаміла Ірына Гулевіч, сустрэчы з насельніцтвам яна праводзіць кожны месяц, згодна з графікам. Большасць пытанняў да яе, яшчэ як і да галоўнага ўрача УАЗ “Капыльская ЦРБ”, паступаюць наконт медыцынскай сферы. А сярод іншых – забеспячэнне палівам, транспартнае абслугоўванне, рамонт водаправодных сетак і іншыя.

 

Сяргей КОЗЕЛ.

 

http://www.kopyl.by/?p=11364

 

 

Як прайшоў тыдзень?

 

 

Ірына ГУЛЕВІЧ, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў,галоўны ўрач УАЗ «Капыльская ЦРБ».

 

Самае запамінальнае

 

— Мінулы тыдзень быў шчаслівым для ўсёй нашай сям’і. Мой сын паступіў у лінгвістычны ўніверсітэт, а дачка — у клінічную ардынатуру. Дарэчы, і я знаходзілася ў водпуску, падчас якога змагла адпачыць і набрацца сіл для далейшай плённай працы.

 

Радуе

 

— Нягледзячы на фінансава-эканамічныя складанасці, у нашай паліклініцы павялічыліся тэмпы будаўнічых работ. Адзначым, што большая частка рамонтных работ першага і другога паверха паліклінікі ўжо выканана. Зараз прыступаем да рамонту ў інфекцыйным аддзяленні. Плануецца, што будаўнічыя работы ў паліклініцы скончацца ў 4 квартале бягучага года.

 

Выклікае ўпэўненасць

 

— У гэтым годзе ў сферу медыцыны ўлілося шмат маладых кадраў. Гэта выклікае ўпэўненасць у тым, што палепшыцца не толькі работа раённых устаноў аховы здароўя, але, увогуле, і даступнасць медыцынскай дапамогі. Канечне, маладым спецыялістам хочацца пажадаць поспехаў, і каб яны прыжыліся на капыльскай зямлі. Тады мы не будзем  адчуваць няхватку медыцынскіх работнікаў, тым самым дапаможам яшчэ большай колькасці людзей паправіць сваё здароўе, а самае галоўнае —  абыдземся без чэргаў каля кабінетаў урачоў.

 

Непакоіць

 

— Вельмі непакоіць дэмаграфічная сітуацыя ў раёне. Нягледзячы на тое, што ў нас ідзе зніжэнне агульнай смяротнасці на 13%, але  вельмі хвалюе смяротнасць працаздольных па прычыне сардэчна-сасудзістых захворванняў. І мне хацелася б пажадаць жыхарам раёна, каб яны болей звярталі ўвагі на сваё здароўе, сачылі за артэрыяльным ціскам, і пры яго павышэнні — як мага хутчэй звярталіся ў бальніцу і выконвалі ўсе рэкамендацыі і парады ўрача.

 

Падрыхтавала Таццяна БОХАН.

 

http://www.kopyl.by/?p=11996